Есть хорошие новости?:
Делитесь
Мозырь » Новости Республики » Маладую спецыялістку размеркавалі туды, дзе яна не была патрэбна

Маладую спецыялістку размеркавалі туды, дзе яна не была патрэбна

05 сентябрь 2007, Среда
2 880
0
Грошы, якія праз суд спаганяюць з выпускнікоў, што не “даехалі” па размеркаванні да месца сваёй першай працы, на рахунак іх alma mater не паступаюць. Але менавіта там вырашаюць, ці накіроўваць справы “блудных дзяцей” у суд.

Еўрарадыё ўжо расказвала пра выпускніцу Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Яўгенію Шашнёву, якая летась не даехала да Драгічынскага аддзела адукацыі, куды яе накіравалі па размеркаванні настаўніцай англійскай і французскай моваў. Замест гэтага дзяўчына з’ехала ў Маскву, дзе паступіла вучыцца ў МГИМО і адначасова працуе настаўніцай французскай мовы. Днямі суд Драгічынскага раёна пастанавіў спагнаць з яе больш за 18 мільёнаў рублёў за навучанне.

Як стала вядома Еўрарадыё, патрэбы ў такім спецыялісце, як Яўгенія Шашнёва, там, куды яе размеркавалі, не было. Пра гэта расказаў начальнік Драгічынскага аддзела адукацыі Дзмітры Ігнатчык.

Дзмітры Ігнатчык: “У мяне ёсць неабходнасць у настаўніках фізікі і матэматыкі. А без астатніх я магу яшчэ год 10 абыходзіцца”.

Але выпускнікі ВНУ прыязджаюць па размеркаванні штогод, і да апошняга моманту ў аддзеле адукацыі ламаюць галаву, куды іх уладкаваць.

Дзмітры Ігнатчык: “Пасля таго, як яны з’яўляюцца, сядаем з гэтым спісам і думаем, каго куды”.

Так і сёлета — тых, хто прыехаў па размеркаванні, неяк уладкавалі, а тыя некалькі чалавек, якія мелі “свабодныя” дыпломы, так і засталіся без працы. Таму загадчык Драгічынскага аддзела адукацыі сцвярджае, што калі б Яўгенія прыехала ў вызначаны час і расказала, што паступіла ў МГИМО, ёй бы, хутчэй за ўсё, выдалі пераразмеркаванне на новае месца вучобы.

Дзмітры Ігнатчык: “А так спісы тых, хто не з’явіўся, мы перадалі ў навучальныя ўстановы, якія накіравалі іх на працу, а там вырашылі перадаць справу ў суд”.

Штогод дзесяткі маладых спецыялістаў не даязджаюць да месца сваёй першай працы згодна з размеркаваннем. Праз суд іх вымушаюць вярнуць дзяржаве сродкі, затрачаныя на іх навучанне. Колькі неабходна вярнуць дзяржаве, падлічвае ВНУ, якая рыхтавала маладых спецыялістаў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка Валеры Алавяннікаў.

Валеры Алавяннікаў: “Сума залежыць ад таго, па якой спецыяльнасці студэнт навучаўся, якую стыпендыю ён атрымліваў. Ёсць яшчэ пэўныя параметры, падлікам якіх займаецца бухгалтэрыя”.

Адназначна адказаў начальнік аддзела кадраў і на пытанне пра тое, куды ідуць грошы, якія па падліках бухгалтэрыі ВНУ суд абавязвае былога студэнта вярнуць за навучанне. Згодна з яго словамі, на рахунак універсітэта яны не паступаюць і ён імі не распараджаецца.

Валеры Алавяннікаў: “Тыя грошы, якія суд абавязвае вярнуць людзей, якія не даехалі па непаважнай прычыне, ідуць у дзяржаўны бюджэт. Дзяржбюджэт іх навучае за свой кошт, у дзяржбюджэт яны і ідуць”.

Яўгенія Шашнёва пачала выплачваць грошы адразу пасля суда. Першыя 5 мільёнаў з гэтай сумы яна ўжо “вярнула дзяржаве”. Якім чынам гэта адбываецца, Еўрарадыё патлумачыла намеснік пракурора Драгічынскага раёна Валянціна Джыга.

Валянціна Джыга: “Яна выплачвае грошы судоваму выканаўцу, калі наяўнымі плаціць, а судовы выканаўца кладзе на транзітны рахунак інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах. Адтуль грошы ідуць у дзяржаўны бюджэт”.

Патлумачыла намеснік пракурора і тое, як дзейнічае судовы выканаўца, калі са спагнаннем грошай з выпускніка ўзнікаюць праблемы.

Валянціна Джыга: “Спачатку прапануецца 7-дзённы тэрмін для дабраахвотнай выплаты запазычанасці. Пасля накладаецца арышт на маёмасць. І нарэшце накіроўваецца папера па месцы працы”.

Тым ці іншым чынам, але грошы, затрачаныя на навучанне маладых спецыялістаў, якія адмовіліся адпрацоўваць два гады па размеркаванні, вярнуцца ў бюджэт. Прычым гэта тычыцца не толькі выпускнікоў ВНУ, але і тэхнікумаў ды прафтэхвучэльняў. Нягледзячы на тое, што не заўсёды там, куды іх размяркоўваць, у такіх спецыялістах ёсць патрэба.
Обсудить
Добавить комментарий
Комментарии (0)
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Партнеры