Есть хорошие новости?:
Делитесь
Мозырь » Новости Республики » Міліцыя абавязвае прадпрыемствы абшываць вопратку флікерамі

Міліцыя абавязвае прадпрыемствы абшываць вопратку флікерамі

22 январь 2008, Вторник
5 610
0
Калі краўцы пачыталі патрабаванні міліцыі, то прыйшлі ў замяшанне — паводле схемы, пешаход будзе выглядаць як ДАІшнік. Пра гэта "Еўрарадыё" распавяла вядучы спецыяліст “Беллегпраму” Ларыса Няфёдава.

Няфёдава: "Паводле стандарту, каб флікеры давалі эфект, флікераў трэба нашыць як на спецвопратцы. Стужка павінна ісці па рукаве, па нізе курткі, на спіне, па баках, на паўбачках. У такім разе на пешаходзе будзе больш стужак, чым на інспектару ДАІ".

Прэс-сакратар МУС Алег Слепчанка кажа, што зроблена гэта выключна для бяспекі пешаходаў.

Слепчанка: "На жаль, пакуль свядомасць нашых грамадзянаў не дужа высокая, таму прыходзіцца прымяняць прымусовыя меры".

У Палажэнні, накіраваным на беларускія прадпрыемствы, сказана: уся верхняя вопратка, што шыецца ў краіне, павінна быць святлоадбівальнай. Вядучы спецыяліст аддзела якасці "Беллегпраму" Ларыса Няфёдава кажа, што да верхняй вопраткі залічваюцца блузы, пінжакі, жакеты… Хто будзе набываць адзенне, якое свеціцца?

Міністэрства мяркуе, што патэнцыйныя пакупнікі вопраткі з флікерамі — сельскія жыхары. Але калі абшыць яе згодна з правіламі, то кошт вопраткі узрасце дзесьці на 30 тысяч.

У Расіі пару гадоў таму таксама спрабавалі прымусова нашываць флікеры. Але пасля высветлілася, што чаканага выніку гэта не прынесла і што з гэтага толькі скарысталася лобі тых, хто ўвозіў святлоадбівальную тканіну. Такім чынам, ад “абавязковасці” там адмовіліся.

Паводле словаў Ларысы Няфёдавай, нашыя прадпрыемствы ўжо 7 гадоў шыюць вопратку з флікерамі.
Няфёдава: "Нельга сказаць, каб яна карысталася шалёнай папулярнасцю, але дзіцячую — набываюць".

За мяжой шмат якая дзіцячая вопратка абшытая такімі стужкамі. Але найчасцей гэта вопратка каляспартовая, віпаўская (іх папулярызуе Міхаэль Шумахер) ці дызайнерская.

"Еўрарадыё" пацікавілася ў беларускіх мадэльераў: як можна цікава абыграць флікер у адзенні?

Дызайнер Іван Айплатаў адразу не знайшоўся і зазначыў, што каб цікава ўвесці флікер у верхнюю вопратку, трэба добра падумаць.

Айплатаў: "Можна ўшываць святлоадбівальныя элементы, але невядома, як яны будуць сябе паводзіць пасля мыцця і хімчыстак. Такія палосы выкарыстоўваюцца ў 80% спартовай вопраткі і красоўках".

Наталля Поткіна падказала, што тканіны-флікеры добра спалучаюцца з плашчоўкай і атласам, з шоўкам і іншымі тканінамі з бліскучай паверхняй.

Поткіна: "Яны б добра пасавалі да вопраткі для лыжных прагулак, тым больш што ў гэтым годзе модным быў колер срэбра. А зараз у модзе поп-арт, таксама можна прыдумаць нешта цікавае".

Поткіна нават прызналася, што ў яе ёсць джынсы са святлоадбівальнымі лампасамі, якія сшыла сабе 3 гады таму.

Поткіна: "Аднак калі гэта зробяць абавязковым, то я супраць, бо флікеры абсалютна не падыходзяць да класічнага стылю, да касцюмаў і паліто".

Ці будзе ўся вопратка Made in Belarus “свяціцца”, пакуль невядома, бо айчынныя прадпрыемствы атрымалі яшчэ толькі швачныя стандарты і ніякіх канкрэтных замоваў.

Алена Акуліч




Источник: news.tut.by
Обсудить
Добавить комментарий
Комментарии (0)
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Партнеры